Паважаныя сябры! Вітаю вас на старонках свайго блога.
Я з вялікім задавальненнем падзялюся з вамі сваімі распрацоўкамі. Тут вы знойдзеце матэрыялы, якія дапамогуць вам пры падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў па беларускай мове і літаратуры.
Спадзяюся, што блог беларускай мовы і літаратуры будзе карысны і цікавы як для маладых настаўнікаў, так і вопытных спецыялістаў.



четверг, 16 ноября 2017 г.

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ З ЖЫЦЦЯ ВАСІЛЯ БЫКАВА



ФАКТ 1. ВАСІЛЬ УЛАДЗІМІРАВІЧ ЛЮБІЎ МАЛЯВАЦЬ І МОГ БЫ СТАЦЬ СКУЛЬПТАРАМ

Калі Васіль у 15 год закончыў школу, ён паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Юнак добра маляваў і марыў звязаць з мастацтвам сваё жыццё. Аднак праз год вучобы Быкаў вымушаны кінуць навучанне. Справа ў тым, што Сталін у той год загадаў адмяніць стыпендыі, на якія тады жылі многія вясковыя хлопцы. Мала таго, навучанне зрабілі платным. У год трэба было заплаціць прыкладна столькі грошай, колькі каштавала карова. Бацька Быкава не мог пакінуць сям’ю без карміліцы, і сын вярнуўся дадому. Сястра Васіля ўспамінала, што ён нават плакаў, калі прыехаў у вёску.

ФАКТ 2. У ЧАС ВАВ БЫКАЎ БЫЎ “ПАХАВАНЫ”

Калі Васіль Уладзіміравіч удзельнічаў у баях за вызваленне Украіны (Кіраваградская аперацыя), пісьменніка цяжка параніла ў жывот і плячо. Быкава палічылі забітым і паслалі яго родным “пахаронку”, а на абеліску ў памяць загінуўшых у тых баях з’явілася і яго прозвішча.
Аднак родныя хутка распазналі памылку, таму што за пару дзён да прыходу “пахаронкі”, сяям’я атрымала ліст ад Васіля. Дата на ім значылася пазнейшая за тую, што была выбіта на “пахаронцы”. Сястра адпісала на фронт брату, што за няспадзяванка выйшла. На што Быкаў адпісаў: «Ну, праўда, я быў біты, але не дабіты!»

ФАКТ 3. ДЛЯ МАГІЛЫ БЫКАВА ПРЫВЕЗЛІ ВАЛУН З ФІНЛЯНДЫІ

З 1997 года пісьменнік жыў за межамі Беларусі. Спачатку па запрашэнні ПЕН-цэнтра Фінляндыі жыў у наваколлі Хельсінкаў, потым у Германіі, а потым у Чэхіі. Вярнуўся на Радзіму толькі за месяц да смерці. Калі Быкаў памёр, яго пахавалі ў Мінску. На магіле ўсталяваны валун, які прывезены з Фінляндыі. Знаходзячыся у гэтай краіне, пісьменнік часта любіў сядзець на гэтым камені і разважаць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий