Паважаныя сябры! Вітаю вас на старонках свайго блога.
Я з вялікім задавальненнем падзялюся з вамі сваімі распрацоўкамі. Тут вы знойдзеце матэрыялы, якія дапамогуць вам пры падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў па беларускай мове і літаратуры.
Спадзяюся, што блог беларускай мовы і літаратуры будзе карысны і цікавы як для маладых настаўнікаў, так і вопытных спецыялістаў.



четверг, 6 сентября 2018 г.

Краязнаўчая гадзіна “Я вырас тут - і край мне гэты любы!”




 Краязнаўчая гадзіна, прысвечаная тэме малой радзімы, дае магчымасць  паглыбіць веды навучэнцаў аб родным краі.  Завочная экскурсія па сцежках бярозаўскай зямлі знаёміць падлеткаў  з некаторымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі  нашага краю і яго таленавітымі людзьмі. А займальная віктарына “Пазнай свой край ”, праведзеная ў час мерапыемства, дапамагае  праверыць наколькі  добра навучэнцы  ведаюць свой родны край.

Распрацоўка суправаджаецца мульцімедыйнай прэзентацыяй і можа быць карысна куратарам вучэбных груп і выкладчыкам сацыяльна-гуманітарных прадметаў для правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў і ўрокаў.


Мэты:

-       садзейнічаць вывучэнню гісторыі і сучаснасці роднага краю;
-       пазнаёміць з культурнай спадчынай   нашага  рэгіёна;
-       развіваць пазнавальны інтарэс падлеткаў;
-       садзейнічаць выхаванню самасвядомасці, патрыятызму;
-       выхоўваць любоў да сваёй Радзімы, павагу да памяці продкаў.
                               
Ход мерапрыемства
Гучыць музыка

Выкладчык: 
Наша мерапрыемства пройдзе пад назвай  «Я вырас тут і край мне гэты любы!» і будзе прысвечана тэме малой радзімы, у гонар якой абвешчаны 2018 год.
Што такое малая радзіма?     (адказы навучэнцаў)
Сапраўды, у лёсе  кожнага чалавека яна шматаблічная. Для многіх з нас — гэта вёска, пасёлак ці аграгарадок, дзе першым словам навучыла маці, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, дзе зрабіў свае крокі ў самастойнае жыццё.
Малая радзіма — гэта кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою, той куточак, куды заўсёды хочацца вяртацца, для якога хочацца зрабіць шэраг карысных спраў.

Вядучы 1:
Жыццё падарыла нам дзіва:
Як ветрыку лёгкі павеў,                            
Аднойчы пачуеш — “Радзіма”

Пасля зразумееш — навек.
I будуць дарогі вяртацца
У той незабыты куток,
Дзе ў квецені белых акацый
Жыцця твайго чысты выток.
Дзе змалку да болю знаёмы
I дрэвы, і твары людзей,
I роўнага болей якому
Ніколі не знойдзеш нідзе.
                                           
Выкладчык:
Бярозаўшчына наша маленькая радзіма. Гэта адзін з самых маляўнічых і цікавых куткоў Беларусі. Бярозаўская зямля шчодрая на прыгажосць прыроды, працавітых і мужных людзей. Гісторыя нашага краю звязана з многімі цікавымі падзеямі. Запрашаю вас прайсціся па сцежках бярозаўскай зямлі і пазнаёміцца з некаторымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі нашага краю і яго таленавітымі людзьмі.

Вядучы 2:  У пісьмовых  крыніцах наш горад упершыню ўпамінаецца ў 1477 г. як вёска Сялецкай воласці Слонімскага павета, а ўжо 3 1521 г. вёска Кобрынскага павета  Вялікага княства Літоўскага. З 1629 упамінаецца як  мястэчка. У 1648-89 гг. тут пабудаваны кляштар ордэна картэзіянцаў, які валодаў значным зямельным надзелам і з’яўлялся асноўным горадабудаўнічым  ядром Бярозы.            
Вядучы 1:
 Кляштар і сёння займае пачэснае месца ў Бярозе. Яго ўваходная брама адлюстравана на гербе горада. Дзякуючы менавіта гэтаму кляштару, горад доўгі час называлі Бярозай-Картузскай.
Бярозаўскі кляштар, закладзены Казімірам Сапегам у сярэдзіне XVII стагоддзя, быў адзіным на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага кляштарам каталіцкага картузіянскага ордэна.
      
Вядучы 2:
Ад велічнага комплексу будынкаў сёння засталіся толькі рэшткі, згубіліся ў стагоддзях і больш як 2,3 тысячы тамоў кніг, якімі славілася мясцовая бібліятэка. Заняпад кляштара прыйшоўся на XIX ст., калі па загаду расійскіх улад старажытны будынак часткова разабралі, а цэглу скарысталі на будаўніцтва Чырвоных казармаў, сцены якіх захаваліся да нашых дзён. У будынку з кляштарнай цэглы пэўны час размяшчаўся сумнавядомы польскі ізаляцыйны лагер.
Відэаролік «Руины монастыря 17-го века»
Вядучы 1: 
Вядомым  архітэктурным помнікам  з'яўляецца  Пескаўская сядзіба Пуслоўскіх. Уваходная брама былой сядзібы Пуслоўскіх месціцца за 20 кіламетраў ад Бярозы ў вёсцы Пескі. Калісьці брама вітала знатных гасцей, якія наведвалі шыкоўную сядзібу, закладзеную ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. На жаль, час і пажары не пашкадавалі палацава-паркавы комплекс. Да нашых дзён акрамя высокай брамы засталіся толькі сядзібны дом, вінакурня ды рэшткі парку, а таксама мноства легендаў, якія распавядаюць пра былую веліч комплексу.


Вядучы 2:
Прываблівае  ўвагу на нашай зямлі і мноства  гістарычных помнікаў, якія ўвасобілі у сабе памяць пра нашых продкаў. Сярод іх можна назваць  Брацкую магілу  савецкіх воінаў і партызан у Камсамольскім скверы.Тут пахаваны воіны, якія загінулі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пры вызваленні  г.Бярозы  ад нямецка-фашысцкіх  акупантаў .
Вядучы 1:
У старым парку нашага горада знаходзіцца помнік воінам-інтэрнацыяналістам. У вайне ў Афганістане прымалі  ўдзел уражэнцы Бярозаўскага раёна  10 воінаў загінулі.У 1993 годзе ва ўшанавнне іх памяці  адкрыты гэты помнік.
Вядучы 2:
У небе Бярозаўшчыны   ў чэрвені 1941 года загінула нямала нашых пілотаў, штурманоў розных авіяпалкоў. У памяць аб загінуўшых усталяваны помнік савецкім лётчыкам.

Вядучы 1:
Каля вёсцы Здзітава праходзілі жудасныя баі партызанскіх брыгад імя Дзяржынскага, 345-га атрада супраць фашысцкіх захопнікаў. У 1975 годзе пабудаваны мемарыяльны комплекс “Здзітаўская абарона” помнік гераізму і мужнасці партызан.

Вядучы 2:
Брацкая магіла ахвяр фашызма - мірных жыхароў (яўрэяў) розных краін Еўропы знаходзіцца ў вёсцы Бронная Гара.
Усяго захавана 50000, з іх 50000 невядомых.
Спіс  помнікаў нашага раёна можна працягваць доўга.
Гісторыка-культурная спадчына Бярозаўшчыны  багатая і вельмі разнастайная. 15 аб’ектаў Бярозаўскага раёна занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка- культурных каштоўнасцей  Рэспублікі Беларусь.
Усяго ў нашым краі налічваецца114 помнікаў гісторыі і культуры.
Выкладчык:
У багатым і разнастайным Бярозаўскім краі нарадзілася нямала таленавітых людзей. Напрыклад, Раіса Баравікова праславіла сваю маленькую радзіму паэтычнымі і празаічнымі творамі, перакладамі.
Ніна Мацяш аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў.
Пётр Віцязь, які  “вырас” да пасады першага намесніка старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, зрабіў вялікі ўклад у развіццё ў нашай краіне новай высокатэхналагічнай галіны — парашковай металургіі.
Віктар Пятровіч  Краснейвыдатны  беларускі мовазнаўца, педагог, прафесар, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Павел  Восіпавіч Горын-Каляда вядомы савецкі гісторык, дзяржаўны дзеяч БССР, акадэмік АН БССР.
Віктар  Хрыстафоравіч Галаўко бартавы авіяцыйны тэхнік, старшы лейтэнант.Загінуў у Афганістане ў час выканання баявога палёта ў раёне ваенных падзей. Яго верталёт быў збіты ворагам. Праславілі Бярозаўшчыну таксама іншыя творчыя асобы .
 Віктар Супрунчук многія яго творы напісаны на мясцовым матэрыяле Берасцейшчыны.
Алесь Разанаў нарадзіўся  ў в.Сялец Бярозаўскага раёна.Творчасць Разанава вядома не толькі ў нашай краіне, але далёка  і за яе  межамі.
 Як бачым, бярозаўская зямля ўзгадавала   шмат  таленавітых асоб. Вельмі радуе  і тое,  што сённяшняе маладое пакаленне імкнецца таксама праславіць сваю маленькую радзіму.
Алена Амялюсік у 2007 годзе стала бронзавым прызёрам юніёрскага першынства Еўропы ў індывідуальнай велагонцы.

Сёння наша будучае мы звязываем з імёнамі:
Браты Ігар і Вадзім Сігневічы – чэмпіёны сусвета па гіравому спорту.
Кацярына Муратава – удзельніца праекта “Поющие города”. Спявачка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга.

На фоне відэароліка навучэнец чытае верш:

Калі спытаюцца: «Дзе твая  Радзіма?»
З вялікім гонарам я адкажу:
– Бярозаўшчына – край мой!
Родны!
                 Любы!
                                    Мілы!
Дзе ўжо сямнаццаць год жыву.

Дзе ўсё знаёма мне з маленства
І вельмі блізкі да душы –
Прыемны пах бяроз шумлівых
І плёскат Ясельды-ракі.

Тут вабіць вуліц прыгажосць бясконца,
Хвалюе сэрца смак вякоў былых,
Што на руіны кляштара ляглі бязмежна
І захавалі тут гісторыю сваю.

Святло прыгожых паркаў акрыляе,
Заве ў нябёсы цэркваў перазвон.
І благадаць зямная суцяшае,
Калі  я крочу па  зямлі маёй.

Я ганаруся тым, мая Радзіма,
Што носіш ты пачэснае імя,
Што нарадзіла ты сыноў
славутых
І дала ім народнае імя.

Ты ўзгадавала на старонцы роднай
Таленавітых песняроў бярозаўскай зямлі:
Мацяш, Разанаў  і Баравікова –
Мне вашы словы вельмі блізкі да душы.

Табою ганарыцца буду зноў і зноў я
У сэрцы будзеш вечна жыць маім,
Бо менавіта ты дала жыццё мне
І навучыла мяне жыць.

Калі спытаюцца: «Дзе твая Радзіма?»
З любоўю я  вам адкажу:
– Бяроза – горад мой любімы!
Я ў думках да цябе лячу!

Выкладчык:
Зараз прапаную вам паўдзельнічаць у віктарыне  і праверыць наколькі  добра вы ведаеце свой родны край. Самы актыўны навучэнец атрымае прыз.

Віктарына “Пазнай свой край”
1. Калі быў заснаваны горад Бяроза?
2. Колькі населеных пунктаў у раёне?
3. Якую плошчу займае раён?
4. З якімі раёнамі гранічыць Бярозаўскі раён?
5. У якую раку ўпадае Ясельда?
6. Каму належаць словы:«Бярозаўшчына, жылкаю блакітнай пульсуе Ясельда   ў цябе на скроні…»
7. Якія вы ведаеце прыродныя заказнікі на тэрыторыі раёна? Чым яны адметны?
8. Калі  Бярозаўскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?
9. Якія карысныя выкапні маюцца на тэрыторыі раёна?
10. У склад якіх дзяржаў уваходзіла тэрыторыя раёна на працягу ўсёй гісторыі?
11. Што гэта за помнік і дзе ён знаходзіцца?
12. Каму з паэтаў-землякоў належаць наступныя вершаваныя  радкі:
“На рэчцы, дзе ціха  шумяць вербалозы..”
13. Якія вы ведаеце помнікі архітэктуры на тэрыторыі раёна?
14. Як называецца нацыянальны чэмпіянат па ручным сенакашэнні, які  штогод праходзіць у Бярозаўскім раёне?
Выкладчык:
На заканчэнне мне  хочацца вам пажадаць: любіце і шануйце свой родны край, беражыце і захоўвайце спадчыну, якая засталася нам ад нашых продкаў, бо менавіта ад вас, маладога пакалення, залежыць будучыня нашай Радзімы.Не забывайце  той куточак, дзе прайшло ваша дзяцінства, дзе жывуць вашы бацькі.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страцiць святое штосьцi…
Дзякуй за ўвагу!








Комментариев нет:

Отправить комментарий