Паважаныя сябры! Вітаю вас на старонках свайго блога.
Я з вялікім задавальненнем падзялюся з вамі сваімі распрацоўкамі. Тут вы знойдзеце матэрыялы, якія дапамогуць вам пры падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў па беларускай мове і літаратуры.
Спадзяюся, што блог беларускай мовы і літаратуры будзе карысны і цікавы як для маладых настаўнікаў, так і вопытных спецыялістаў.



вторник, 9 января 2018 г.

Матэрыял да гадзіны беларусазнаўства



Мэты і задачы:
·        Далучэнне навучэнцаў да матэрыяльнай і дохоўнай культуры беларускага народа
·        Выхаванне любові да роднага краю
·        Стварэнне ўмоў для выхавання пачуцця гонару за свій народ, за яго культурныя традыцыі, за ўменне і талент.

Ход мерапрыемства:

Вядучы:
Жаданне  як мага больш ведаць пра культуру  беларускага народа - з¢ява не толькі пажаданая, але неабходная для адчування сябе беларусам. Без гэтых ведаў вызначыць сваю нацыянальную прыналежнасць немагчыма. Значная частка нашых навучэнцаў, на жаль, маюць даволі абмежаваныя веды пра родны край, яго гісторыю, культуру, традыцыі. Ці можна па-сапраўднаму любіць тое, пра што маеш толькі аддаленае ўяўленне?
         Хочацца спадзявацца, што наша размова пакажа, наколькі глыбокія вашы веды, і будзе садзейнічаць таму, каб у вас узнікла жаданне іх паглыбіць.
         Як вядома, акрамя афіцыйных дзяржаўных сімвалаў, якія ведае кожны грамадзянін краіны, існуюць хай неафіцыйныя, але надзвычай важныя адзнакі непадабенства кожнага народа. Звязаны яны з самымі рознымі  рэчамі, часта побытавымі, але на менталітэт народа іх уплыў пераацаніць немагчыма. Больш таго, у вачах іншых народаў некаторыя рэчы выклікаюць асацыяцыю менавіта з беларусамі, і важна, каб мы самі разумелі, чаму так адбываецца і пра што сведчыць.
         Аднам з самых распаўсюджаных мянушак беларусаў,  якая узнікла  яшчэ ў часы Савецкага Саюза, звязана з назвай прадукта  харчавання, які вызначаецца не  толькі пашыраным ужываннем, але і асаблівай любоўю.
Пытанні:
-         Пра што ідзе размова?
-       Ці разумееце вы, чым было выклікана такое асаблівае стаўленне беларусаў да бульбы?
-       Колькі вякоў налічвае гісторыя бульбы на беларускіх землях?
(Як ні дзіўна, але толькі ў канцы XVII ст. з¢явілася першая бульбяная страва на тэрыторыі Рэчы Паспалітай).
-         Хто з жыхароў краіны першы пачаў ужываць бульбу?
(Страва лічыцца гастранамічным вынаходніцтвам для панскага стала).
-       Цікава, што спачатку сяляне бачылі ў бульбе “пракляты земляны яблык”, а праз пэўны час “другі хлеб”. З вашага пункту гледжання, чаму так адбывалася?
(Недавер сялян выклікала тое, што першымі бульбу пачалі вырошчваць нямецкія каланісты. На Магілёўшчыне апантаны бульбавод генерал Гернгрос нават раздаваў сялянам карняплоды на пасадку. Нічога не атрымлівалася, бо ранкам бульбу садзілі, а вечарам выкопвалі і няслі  ў карчму мяняць на гарэлку. Генерал прыдумаў арыгінальнае выйсце, якое не толькі перапыніла  ганебную практыку вельмі хутка, але і зрабіла немагчымым падобнае ў будучым. Першы добры ўраджай перамяніў погляд сялян на бульбу.)
-         Паспрабуйце здагадацца, што прыдумаў генерал?
(Ён пачаў даваць на пасадку не цэлыя, а парэзаныя карняплоды).
-       Распаўсюджаным сімвалам беларускага краю стала адна з птушак. Якая? Чаму менавіта бусел, на вашу думку, заняў такое пачэснае месца?
( У народным уяўленні буслы вядуць сваё паходжанне ад людзей і нават ад анелаў. Буслы ахоўвалі жытло ад Перуна, давалі ўзор суладнага сямейнага жыццё. Таму ім дапамагалі сяліцца побач з домам, майстравалі буслянкі).
-  Ёсць легенда, якая распавядае пра ўзнікненне буслоў. Паслухайце яе пачатак і паспрабуйце прыдумаць працяг.
Выступленне навучэнца:
От раз Бог падазваў к сабе чалавека і даў яму завязаны гаршчочак, у якім было сабрана ўсё плюгаўства – гадзюкі, жабы, мышы. “На, - кажа, - занясі гэты гаршчочак і укінь у мора, толькі, глядзі, не развязывай”. Прыйшоў чалавек да хаты і пачаў збірацца ў дарогу: злажыў чыстую белую сарочку, абуў новыя лапці і апрануў чорную світу…
( заканчэнне легенды гучыць так: Жонка вельмі хацела паглядзець, што ў гаршочку і ўгаварыла чалавека развязаць. Усе гады распаўзліся. Прыходзіць Бог і кажа тым людзям: “Вы выпусцілі гадаў, вы і збірайце іх.” А каб збіраць было ямчэй, абярнуў іх у буслоў.)
-         Ці распаўсюджвалася, з вашага пункту гледжання, такая народная сімпатыя на  чорнага бусла?
( На жаль, не, бо апошні ўяўляўся птушкаю нядобрай разам з варонамі, каршунамі сарокамі, совамі)
-       Пэўным сімвалам кожнага народа з¢яўляецца яго традыцыйная вопратка, і таму нацыянальныя строі могуць многае паведаміць  пра пачуванні і погляды нашых продкаў. Сёння мы апранаемся згодна модзе, але значная колькасць  традыцыйнай вопраткі захавалася. Пінжакі прыйшлі пасля світак, а што прыйшло на змену андараку?
(Гэта сучасная спадніца).
-       Усе радзей жанчыны карыстаюцца  старажытным элементам адзення, напоўненым раней глыбокім смыслам. Гаворка ідзе пра фартух. Як вам здаецца, чаму фартух са старажытных часоў поўніўся асаблівай сімвалічнасцю?
(Ён паказваў гатоўнасць да шлюбу, існавалі нават вясельныя фартушкі з сімволікай радаводнай эстафеты на фоне вечнасці. Нашы продкі верылі, што ад суроку дзяцей дапамагае абціранне фартухом. Бясплодным дапамагала, калі ў фартух кідалі чарапкі. Лічылася, што развязаны дарогай пярэднік – прыкмета здрады мужу, а згублены фартух – сведчанне надта вольных паводзін).
-       Беларуская сям¢я  была ў народным успрыманні галоўнай каштоўнасцю.У адрозненні ад многіх іншых народаў нашы суайчыннікі пры захаванні галоўнасці гаспадара даволі высока ставілі гаспадыню. Вось што пісаў пра гэта на пачатку ХХст. Аркадзь Смоліч: “У беларускай  сям¢і саўсім няма таго дэспатызму, які пануе ў маскоўскай сялянскай сям¢і і наогул на ўсходзе. Жанкі лічацца  раўнапраўнымі сябрамі сям¢і, а гаспадыня па свайму значэнню  саўсім не меншая ад гаспадара”.
У чым , з вашага пункту гледжання, прычыны  гэтай з¢явы?
(Пэўным сімвалам зрабілася талерантнасць беларусаў. Дастаткова мірна на працягу стагоддзяў у нас суіснавалі прадстаўнікі разнастайных прафесійных канфесій. Рэшткі паганскай веры захаваліся да ХХ ст.)
- Наша зямля мае унікальны  вопыт жыцця з уніяцкай царквою.Як вы ацэньваеце значэнне гэтых фактаў для будучыні Беларусі?
-       Многія з нашых знакамітых суайчыннікаў праявілі свае творчыя таленты на глебе культуры іншых народаў. Прывядзіце, калі ласка, прыклады канкрэтных асобаў.
-       Пра што, з вашага пункту гледжання, гэта сведчыць? Якія пазітыўныя і негатыўныя моманты бачыце вы ў гэтай з¢яве?
-       Калі падумаць пра тое, што найбольш глыбока малюе самабытнасць народа, то гэта яго фальклор. Найбольш далёкі ад нас па часе, ён таму і захаваўся, што  ўтрымлівае самае істотнае і значнае, уласцівае нашым продкам. Які прадмет у інтэр¢еры старажытнага беларускага дома лічыўся самым галоўным?
-       У некаторых месцах Беларусі паданні распавядалі пра пячурніка. Ці ведаеце вы, хто гэта такі?
Сапраўды, так называлі у некаторых мясцінах дамавіка. Печ была і пачаткам, і цэнтрам хаты. Ці зразумела вам, чаму?
-       Часы язычніцтва падаравалі нам не толькі пантэон багоў, але і магію. Магія белая (ахоўная) і чорная (шкадлівая) пакінулі шмат абрадаў і замоў, якія зрабілі наш фальклор багатым і высокамастацкім. Народная міфалогія нарадзіла цэлы свет, населены незвычайнымі істотамі. Лесавікі, вадзянікі ці русалкі – персанажы дастакова вядомыя. А ці ведаеце вы, хто такі хіхітун?
(Гэта нячысцік, які знаходзіцца ў чалавека за спіной. Як толькі здараецца з чалавекам нешта нядобрае, ён радуецца, смеючыся тоненька і часта. )
-         Нават узяты з Бібліі галоўны чорт у беларусаў называецца па-свойму. У паданнях сустракаюцца варыянты: Люцыпар, Анчыпар, Ніцыпар. У адрозненні ад назвы звера “расамаха” мела значэнне стварэння народнай фантазіі. Каго называлі расамахай?
(Жанчына, якая знішчыла сваё дзіця і сама ўтапілася, рабілася расамахай).
-         Дзіўна, наколькі нечакана сення можна назіраць у рэальным нашым жыцці адбіткі тых спрадвечных вераванняў. Адным з самых небяспечных месцаў у сэнсе панавання нячыстай сілы лічыліся, акрамя лазні, хлева ці пуні, ростані. Цяпер у вандроўках па Беларусі мы часта бачым …Што?
(Каб перапыніць зло, не пусціць нячысцікаў, нашы продкі ставілі крыжы).
-       Як вы лічыце, чаму менавіта ў нас так надоўга захаваліся паганскія традыцыі?
( Цікава будзе параўнаць ваш пункт гледжання з тымі аргументамі, што прыводзяць навукоўцы. У часы Вялікага княства Літоўскага панавала незвычайная рэлігійная талерантнасць і не было моцнага пераследу. На захаванне паганства паўплывала прырода Беларусі – краю ляснога і балотнага. Параўнальна невялікая колькасць насельніцтва займала значную плошчу. Группы людзей жылі аддалена. Неверагоднай падзеяй для большасці сялян было разы два за жыцце наведаць царкву ці касцёл вёрстаў за пяцьдзесят. А старажытны камень, да якога ходзяць прасіць здароўя ці дзетак, бліжэй і, як сведчаць легенды, дапамог іншым людзям).
-         Як вам здаецца, наколькі прырода адбіваецца на нацыянальным характары?
-         Ці важна, што значную частку Беларусі займаюць  балоты? Як паўплывала гэта на характар беларуса?
-         Які класічны твор нашай літаратуры дае такое трапнае апісанне?
“Хаты  былі на востраве…Навокал адно гніла адна куп¢істая дрыгва ды моклі панурыя лясы…Багна…адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берагу і занесла ў мора, - трэба чакаць адно, калі спадорожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.”
(Аўтарам гэтых радкоў з¢яўляецца Іван Мележ).
Балоты Піншчыны не ў апошнюю чаргу стрымалі мангола-татарскіх коннікаў у пачатку ХIII ст. Балоты з даўніх часоў лічыліся месцам  схову для тых, хто хаваўся ад акупантаў ці роднай улады. Прыгадайце “Ваўчыную яму” Васіля Быкава.
    Беларусы верылі ў ахоўную сілу балот, пра што сведчаць месцы будавання вядомейшых нашых замкаў: Крэўскага, Лідскага. Можна сказаць, што пэўная абасобленнасць і нават ізаляцыя выглядала для насельніцтва хутчэй станоўча.
-            Замкі нашай краіны далёка не такія шматлікія, старажытныя і дагледжаныя, як у іншых краінах Еўропы. Але сёння некаторыя з іх лічацца свайго роду візітоўкай Беларусі. Значэнне замкаў не толькі ў тым, што яны дэманструюць дасягненні архітэктараў і інжынераў. Яны былі не тоькі мураванай вартай краіны, хоць гэта функцыя з¢яўляецца асноўнай.
-             Якім вам бачыцца значэнне замкаў? Ці лічыце вы правільным накірункам у дзейнасці краіны рэстаўрацыю буйнейшых беларускіх замкаў.
-            Замкі ад часоў Полацкага княства былі ядрамі гарадоў, цэнтрамі грамадскага і культурнага жыцця. Але прыкладна з ХVIII ст. замкі зрабіліся аддаленымі ад мястэчак, гападары якіх былі “закрытыя” ад кантактаў. Пры тым замкі заставаліся пэўным апірышчам дзяржаўнасці. Пасля таго, як землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, мясцовым магнатам забаранілі будаваць крэпасці. Але замкі, што будаваліся раней, у той час не бурылі. Чаму тады да ХХI ст. беларускія замкі дайшлі ў такім жудасным стане?
(У часы Савецкага Саюза замкі не лічыліся ні знакамі часу, ні сімваламі беларускай мінуўшчыны. Там мясціліся калгасныя канторы, да іх прысуседжваліся свінакомплексы, на іх плошчах пасвілі кароў і авечак.).
-       Яшчэ адной рысай, уласцівай партрэту менавіта Беларусі, з¢яўляецца наяўнасць мястэчак. Што такое мястэчка?
Лічыцца, што такі тып паселішчаў вельмі зручны для людзей. Не вёска і не горад, мястэчка не адрывалася ні ад вёскі, ні ад горада. Нідзе больш не знайсці спалучэння здаровага духу прыроды і здабыткаў цывілізацыі. З ХIV па  XVII ст. яны актыўна развіваліся, потым урбанізацыя запаволіла гэты працэс. Але для беларускай культуры яны зрабілі надзвычай многа, бо ў мястэчках друкаваліся  кнігі, ствараліся тэтры, распрацоўваліся эканамічныя, палітычныя, культурныя стратэгіі ўсяго гаспадарства. У 1938 годзе мястэчкі афіцыйна перасталі існаваць ва ўсходняй Беларусі, у 1939 годзе – у заходняй.
         На заканчэнне хочацца звярнуць вашу увагу на тое, як важна нам самім добра ведаць свой край, фарміраваць свой уласны светапогляд з асэнсаваннем сябе беларусам, імкнуцца паказаць гасцям нашай краіны тое, чым мы як народ вызначаліся спрадвеку і чым можам ганарыцца сёння.
Закончыць мерапрыемства можна віктарынай, прысвечанай  свайму гораду, району.


Комментариев нет:

Отправить комментарий