Паважаныя сябры! Вітаю вас на старонках свайго блога.
Я з вялікім задавальненнем падзялюся з вамі сваімі распрацоўкамі. Тут вы знойдзеце матэрыялы, якія дапамогуць вам пры падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў па беларускай мове і літаратуры.
Спадзяюся, што блог беларускай мовы і літаратуры будзе карысны і цікавы як для маладых настаўнікаў, так і вопытных спецыялістаў.



среда, 3 января 2018 г.

Практычныя заданні па тэме "Лексічнае значэнне слова"



Заданне 1. З пункту погляду значэння знайдзіце “чацвёртае лішняе”.
1)      Аранжавы, чырвоны, фіялетавы, рубінавы.
2)      Абгарак, абломак, абрэзак, акравак.
3)      Малачай, перац, сілас, солад.
4)      Назло, напаказ, назнарок, наспех.
5)      Бестселер, буклет, брашура, кніга.
6)      Ленаваты, вінаваты, звераваты, зухаваты.

Заданне 2. Растлумачце матывацыю наступных беларускіх назваў.
Чутка, складанчык, абшэўка, асяроддзе, вочап, надвор’е, вясляр, дажынкі, паліва, дзяркач, бялізна, навалочка, шкляр, ветразь, гушкалка, плётка, поўня, падлетак, бездань, байка.

Заданне 3. Вызначце характэрныя агульныя прыметы класа прадметаў, назвы якіх запісаны, і сфармулюйце адпаведныя паняцці, што ляжаць у іх аснове.
1)      Яшчарка, змяя, чарапаха, кракадзіл.
2)      Шабля, корцік, штых, шпага, дзіда.
3)      Кмен, карыца, перац, гваздзіка, лаўр.
4)      Паркаль, аксаміт, корт, шарачок, шоўк.
5)      Гапак, паланез, лявоніха, лязгінка, малдавеняска.
6)      Гнеў, роспач, радасць, безнадзейнасць, здзіўленне.
7)      Чыгун, сталь, дзюралюмін, бронза.
8)      Мармур, жалязняк, гіпс, малахіт, сільвініт.

Заданне 4. Падбярыце рускамоўныя адпаведнікі да прыведзеных слоў. Чаму немагчымы аднаслоўныя эквіваленты?
Пакоша, знічка, сёлета, аберуч, каліва, крупнік, чыгунка, кнігарня, сырадой, дубэльты, прысак, сцiзорык, брукаванка, нішчымніца, адвячорак,  амшара, здзяцiнець.

Заданне 5. Вызначце словы паводле лексічных значэнняў. Якія з гэтых слоў маюць яшчэ і дадатковыя і пераносныя значэнні?
1. Невялікая горка, узвышэнне з пакатымі схіламі. 2. Прамяністая энергія, якая ўспрымаецца зрокам. 3. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка. 4. Царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста. 5. Асобны здымак на кіна- або фотаплёнцы. 6. Сшытак або запісная кніжка з адрыўнымі лістамі для нататак. 7. Матэрыял для пісьма, малявання, які вырабляецца з апрацаваных адпаведным спосабам раслінных валокнаў. 8. Кіраўнік прадпрыемства, установы. 9. Орган зроку. 10. Пакой для заняткаў у школе.

Заданне 6. З наступнымі словамі складзіце словазлучэнні, сказы, каб яны набылі рысы мнагазначнасці: адліў, валодаць, гонар, заўвага, згадаць, калонія, канстытуцыя, гарачка, залаты, чорны, гарлач.
Заданне 7. Дакажыце, што ў сказах парушана дакладнасць словаўжывання або лексічная спалучальнасць слоў. Запішыце выпраўленыя сказы.
1.      Рэйс адклалі на няпэўны час.
2.      Не хочаш нават паўзу памаўчаць.
3.      Разам з бацькамі з акупантамі змагалася маладая моладзь.
4.      За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся праліўным ліўнем.
5.      Ад паху кветак круціцца галава.
6.      У падарожжы нас чакала шмат нечаканасцей.
7.      Надышоў час зрабіць вынікі сваёй працы.
8.      Чалавек можа ажыццявіць свае здольнасці ў любой галіне.
9.      Каханне да Бацькаўшчыны – самае моцнае пачуццё.
10.  Побач з калёсамі стаяла маладое жарабя.


Комментариев нет:

Отправить комментарий